А́ЎСТРА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1809,

вайна Аўстрыі за вызваленне ад франц. панавання. Рыхтуючыся да вайны, Аўстрыя ўступіла ў саюз з Англіяй (т.зв. 5-я антыфранц. Кааліцыя). 10 крас. яе армія нанесла ў Баварыі ўдар па групоўцы франц. войскаў. Напалеон перакінуў у раён баявых дзеянняў буйныя сілы, і ў баях 19—23 крас. аўстр. армія панесла значныя страты (каля 45 тыс. чал.). Гонячы праціўніка, французы 13 мая занялі Вену, аўстрыйцы нанеслі 21—22 мая каля Асперна і Эслінга паражэнне французам. У рашаючай бітве 5—6 ліп. пры Ваграме перамаглі франц. войскі. Аўстрыя прызнала сваё паражэнне і 14 кастр. 1809 падпісала Шонбрунскі мір, які замацоўваў яе залежнасць ад Францыі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)